МІ́НСКІЯ САЦЫЯ́Л ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ ГУРТКІ́,
першыя на Беларусі гурткі, якія пачалі прапаганду марксізму сярод рабочых. Узніклі ў 1884—85 па ініцыятыве Э.А.Абрамовіча і І.А.Гурвіча. Летам 1886 у гуртках займаліся каля 130 рабочых. Праграма заняткаў была разлічана на 3 гады. У гуртках 1-й ступені малапісьменныя рабочыя атрымлівалі агульнаадук. падрыхтоўку. 2-я ступень прадугледжвала выхаванне ў слухачоў матэрыяліст. разумення гіст. развіцця прыроды і чалавецтва. На 3-й ступені вывучалі асновы тэорыі Маркса. Мэтай гурткоў была падрыхтоўка з рабочых кадраў прапагандыстаў. З-за строгай канспірацыі гурткоўцы не вялі масавай агітацыі сярод рабочых, не ўдзельнічалі ў іх выступленнях і сутычках. На першым часе прапагандысты цесна супрацоўнічалі з мінскімі народніцкімі гурткамі, выдавалі з імі л-ру, стварылі падп. пашпартнае бюро і інш. У 1887 большасць прапагандыстаў прыняла с.-д. праграму. Пасля шматлікіх арыштаў у вер. 1889 гурткі распаліся, але да сярэдзіны 1890-х г. узніклі новыя гурткі пад кіраўніцтвам Я.Гурвіч, П.Бермана, І.Цёўміна, С.Трусевіча. З іх дзейнасцю звязаны пачатак пераходу сацыял-дэмакратаў Мінска ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых.
М.В.Біч.
т. 10, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)